УЛАДЗІ́МІР ВАСІ́ЛЬКАВІЧ (у хрышчэнні Іаан; ?—10.12.1289),

князь уладзіміра-валынскі. Сын уладзіміра-валынскага кн. Васількі Раманавіча. Пасля смерці бацькі (1269 або 1271) атрымаў паўн.-зах. Валынь з гарадамі Уладзімір-Валынскі і Бярэсце. Вёў паспяховую барацьбу з літоўскімі і яцвяжскімі князямі. У 1273 ваяваў з яцвягамі і прымусіў іх князёў заключыць мір. У 1275 прыняў удзел у вял. паходзе галіцкага кн. Льва Данілавіча супраць вял. князя ВКЛ Трайдзеня, у якога ў 1276 захапіў гарады Слонім і Турыйск. У гэтым годзе заклаў г. Камянец з вежай як заслону ад нападаў літоўцаў. У 1277 пасланы татарскім ханам Нагаем супраць Літвы, вёў аблогу Гародні. Ваяваў з мазавецкімі князямі. Збудаваў у Бярэсці новыя гар. ўмацаванні, мураваную вежу, царкву св. Пятра.

т. 16, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)